XXXV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»
XXXV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» адбыўся з 16 па 19 ліпеня 2026 года.
У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця прыняў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
«У гэтым годзе фестывалю споўнілася 35 гадоў. Для святочнай традыцыі гэта толькі пачатак. Для нас з вамі, жыхароў горада і гасцей, арганізатараў, творчай каманды, артыстаў, рамеснікаў — гэта цэлая эпоха, — сказаў Кіраўнік дзяржавы, адкрываючы фестываль. — "Славянскі базар" заўсёды быў большым, чым культурная падзея. Ён — як люстэрка нашай гісторыі. Гісторыі не толькі суверэннай Беларусі, але гісторыі ўсяго свету. І не толькі культурнага свету».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ідэя фестывалю нарадзілася ў той час, калі свет змяняўся: «У перыяд, калі, мякка кажучы, было не да песень. Народы, якія яшчэ нядаўна былі адной сям'ёй, тады вучыліся жыць паасобку. Не ўсе разумелі наша жаданне займацца арганізацыяй такога маштабнага свята. Занадта шмат было сур'ёзных невырашаных пытанняў — палітычных, эканамічных, сацыяльных. І ў нас, беларусаў, і ў нашых бліжэйшых суседзяў — перш за ўсё расіян, украінцаў. Але фестываль быў патрэбны вам — людзям».
У 2000 годзе «Славянскі базар у Віцебску» паставіў рэкорд, сабраўшы прадстаўнікоў абсалютна ўсіх славянскіх народаў. Усяго за час правядзення фестывалю ў ім прынялі ўдзел прадстаўнікі 85 краін, а гэта амаль паўсвету.
«Гісторыю фестывалю не перарывалі ні крызісы, ні пандэмія. Увесь свет быў у лакадаўне, але пазыўныя "Славянскага базару" гучалі з Віцебска. Віцебск гаварыў і паказваў, што сапраўднае мастацтва ніколі не мела і не будзе мець перашкод. Толькі ўявіце: за ўвесь час на сцэне амфітэатра выступілі больш за 18 тыс. артыстаў, — сказаў Кіраўнік дзяржавы. — У дні "Славянскага базару" да нас прыязджае столькі людзей, што горад павялічваецца ў два разы. Усё гэта не проста лічбы. Кожны наш госць, кожны ўдзельнік — стваральнікі гісторыі фестывалю. Гэта нашы традыцыйныя сябры, і сябры назаўсёды».
Звяртаючыся да гледачоў, артыстаў і арганізатараў «Славянскага базару ў Віцебску», Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што без іх не было б гэтага свята.
«Ведаю, што сёння, як і шмат гадоў таму, у зале знаходзяцца і беларусы, і палякі, рускія, украінцы, прадстаўнікі дзясяткаў іншых краін, якія прыехалі да нас па бязвізу. Ваша прысутнасць тут — гэта тое непарушнае, у чым мае патрэбу наш свет, такі крохкі, нестабільны і абсалютна незразумелы ў сваім развіцці. Мы шмат зрабілі і будзем рабіць для таго, каб "Славянскі базар" заставаўся асновай шчырай і моцнай дружбы краін і народаў. Гэта так трэба сёння», — заявіў беларускі лідар.
Ён выказаў упэўненасць, што з іх падтрымкай і шчырай глядацкай любоўю далейшая гісторыя фестывалю будзе доўгай і яркай.
«Сцэна "Славянскага базару" з году ў год адкрывае новыя таленты і імёны. Але запаленыя тут зоркі павінны памятаць, што працягваюць шлях найвялікшых майстроў. Тых, у каго можна і трэба вучыцца. Сувязь пакаленняў, пераемнасць — гэта тое, што робіць сапраўднае мастацтва вечным», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка абвясціў XXXV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» адкрытым і па традыцыі ўручыў заслужаныя ўзнагароды дзеячам культуры. Гэта спецыяльная ўзнагарода «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення», прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. Кіраўнік дзяржавы таксама ўручыў галоўную ўзнагароду пераможцу Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск».
Падчас цырымоніі адкрыцця Прэзідэнту паднеслі памятны падарунак у сувязі з юбілеем фестывалю — кампазіцыю з 35 васількоў.
На экране Летняга амфітэатра паказалі хронікальныя кадры 1995 года, на якіх Аляксандр Лукашэнка абвяшчае, што бярэ пад сваё патранаванне віцебскі Міжнародны фестываль мастацтваў.
Вядучая фестывалю Алена Спірыдовіч сказала: «Тады, у 1995 годзе, мы ўручалі вам сімвалічны падарунак за вырашальны ўклад у лёс нашага фестывалю. Тады гэта быў усяго адзін васілёк, а сёння гэта цэлы букет "славянскага адзінства". У ім распусцілася 35 васількоў. Роўна столькі, колькі споўнілася нашаму фестывалю!»
Прымаючы падарунак, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе падарункі, якія падносяць Прэзідэнту, з'яўляюцца набыткам краіны і не могуць быць яго асабістымі. Разважаючы над тым, як паступіць з гэтым падарункам, Кіраўнік дзяржавы спачатку думаў пакінуць яго ў Віцебску. «А потым падумаў: можа, вышэй яго падняць. І прыняў рашэнне — у нашым новым Нацыянальным музеі ці ў Палацы Незалежнасці мы знойдзем добрае месца. Таму што гэта знакавы момант», — падзяліўся Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт успомніў, як творчыя работнікі ў тыя першыя гады вельмі прасілі не загубіць «Славянскі базар», каб ён застаўся. «І я паабяцаў, што наша гэта дзейства мы павінны захаваць, чаго б нам гэта ні каштавала. І дажджом залівала нас, і пякло сонца. Усякае тут было. Мы вымушаны былі дах тут (пабудаваць над Летнім амфітэатрам. — Заўв.) — узяць пад дах наша творчае мерапрыемства. Але мы яго захавалі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«І я шчаслівы. У маёй доўгай прэзідэнцкай службе гэта адна з важных старонак», — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка гарантаваў творчым людзям, што ў Беларусі яны заўсёды змогуць знайсці магчымасці для рэалізацыі сваіх талентаў. «Творыце, стварайце. Наколькі магчыма, мы будзем вам дапамагаць. Ведайце, дзе б вы ні былі — у Афрыцы, Амерыцы, Еўразіі, — што Беларусь — гэта мірны астравок, дзе вы заўсёды знойдзеце "прытулак". Заўсёды знойдзеце пляцоўку для таго, каб на ўвесь свет заявіць, што мастацтва — гэта і ёсць мір», — сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што мастацтва «так сёння трэба ў нашай славянскай сям'і, у нашым садружнасці».
Звяртаючыся да артыстаў і творчых работнікаў, Прэзідэнт сказаў: «Рабіце сваю справу! Ды не лезьце вы ў гэтую палітыку, чорт бы яе пабраў. Рабіце сваю справу, радуйце людзей. Радасных дзён у вас, у нас не так ужо і шмат. Таму тое, што будзе адбывацца на гэтым маленькім пятачку ў Віцебску, з'яўляецца абнадзейлівым. Гэта — наша жыццё. Гэта — наша будучыня».
Кіраўнік дзяржавы пажадаў усім шчасця, здароўя, поспехаў, доўгіх гадоў жыцця і радасці.
Галоўную ўзнагароду XXIV Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск» з рук Прэзідэнта Беларусі атрымала беларуска Лізавета Цупрык. Па выніках двух конкурсных дзён 14-гадовая выканаўца стала абсалютным лідарам творчага спаборніцтва, набраўшы максімальна магчымыя 130 балаў. Яе выступы былі рознымі па настроі, але аднолькава пераканаўчымі: у Віцебску юная спявачка выканала кампазіцыю з мюзікла «Чараўнік краіны Оз» і аўтарскую песню Валерыя Шмата «Мой дом» на беларускай мове. Менавіта спалучэнне артыстызму, вакальнай упэўненасці і шчырасці прынесла прадстаўніцы Беларусі прызнанне міжнароднага журы.
Гран-пры конкурсу выканаўцаў эстраднай песні XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» з вынікам 135 балаў заваявала канкурсантка з Італіі Розі Альфана, якая выступае пад творчым псеўданімам Сарайя. Менавіта ёй у першы конкурсны дзень проста на сцэне малады чалавек зрабіў прапанову, надзеўшы на палец заручальны пярсцёнак з сінім фестывальным васільком.
Спявачцы Нафісе (Азербайджан) прысуджаны спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Славянская надзея». Урачыстая цырымонія ўручэння ганаровай узнагароды адбылася пры ўдзеле Намесніка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталлі Петкевіч.
На плошчы Лаўрэатаў каля Летняга амфітэатра 16 ліпеня «заззяла» не адна, а адразу дзве імянныя зоркі з выявай сімвала «Славянскага базару» — васілька — і залатым імем уладальнікаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення». Адным з лаўрэатаў стаў народны артыст Беларусі, аўтар неафіцыйнага, горача любімага народам гімна фестывалю «Усе кветкі ліпеня» Леанід Захлеўны. Другім — Герой Працы Расійскай Федэрацыі, народны артыст Расіі Аляксандр Зацяпін.
Карціна Марка Шагала «Над горадам» упершыню экспанавалася на «Славянскім базары». Выстава з шэдэўрам мастака і ўраджэнца Віцебска адкрылася ў Мастацкім музеі ў фестывальнай сталіцы 16 ліпеня.
На фестывалі пабывала 8 тысяч 350 акрэдытаваных гасцей з 52 краін, больш за 600 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі з 9 краін свету асвятлялі падзеі фестывалю, звыш 15 мільёнаў праглядаў налічваюць інтэрнэт-трансляцыі фестывалю.










