Творчыя калектывы Гродзенскай вобласці выступяць 12 красавіка на сцэне Палаца Рэспублікі ў рамках рэспубліканскага фестывалю "Беларусь – мая песня"
12 КРАСАВІКА ў 18.00 у Палацы Рэспублікі г. Мінска ў рамках Рэспубліканскага фестывалю "Беларусь – мая песня" адбудзецца гала-канцэрт Гродзенскай вобласці «ПРЫНЁМАННЕ: ЗЯМЛЯ І ЛЮДЗІ».
Асноўная ідэя гала-канцэрта заключаецца ў тым, што на Гродзеншчыне жывуць таленавітыя, працавітыя і адданыя людзі, якія, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, якія выпалі на працягу гісторыі (эпізод “Беларусы падзеленай зямлі: За намі праўда! (1921 – 1939), знаходзілі ў сабе сілы аб'яднацца і выдужаць (эпізод “І ўсёткі мы перамаглі! (1941 – 1945).)
Сёння Прынёманскі край упэўнена ідзе па шляху стварэння і развіцця.
Сімвалічна, што сёлета Гродзеншчына адзначае двайны юбілей: 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 80-годдзе ўтварэння Гродзенскай вобласці (эпізод "Нараджэнне Гродзенскай вобласці").
Асноўны лейтматыў гала-канцэрта – Прынёманне выдужала перад усімі бедамі і пошасцямі і сёння разам з усёй краінай будуе моцную, незалежную і квітнеючую Беларусь! (эпізод "Прынёманне патрыятычнае і духоўнае - трэба трымацца разам!").
У канцэрце прымуць удзел больш за 50 лепшых творчых калектываў і каля 1 000 выканаўцаў Гродзенскай вобласці. Сярод іх: Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Ансамбль танца, музыкі і песні "Белыя росы", Музычны тэатр "Рада", артыстка беларускай эстрады Аліна Чыжык, хоры ўстаноў адукацыі сферы культуры, а таксама вядучыя калектывы мастацкай творчасці вобласці.
У 17.00 у фае Палаца Рэспублікі будзе працаваць выстава дасягненняў сферы культуры і мастацтва Гродзеншчыны з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, а таксама твораў майстроў народнай творчасці з правядзеннем майстар-класаў.